Пс 92
1 Псальм. Сьпеў на дзень суботы.
2 Добра славіць ГОСПАДА і выслаўляць імя Тваё, Найвышэйшы!
3 Апавядаць раніцаю міласэрнасьць Тваю, і вернасьць Тваю — ўначы,
4 на дзесяціструнным псалтыры і на гусьлях граючы.
5 Бо Ты ўзьвесяліў мяне, ГОСПАДЗЕ, справамі Тваімі, творам рук Тваіх буду радавацца.
6 Якія вялікія ўчынкі Твае, ГОСПАДЗЕ; вельмі глыбокія думкі Твае.
7 Чалавек бязглузды ня будзе ведаць, і дурань не зразумее гэтага.
8 Калі бязбожнікі зелянеюць, як трава, і ўсе ліхадзеі квітнеюць, няхай будуць яны зьнішчаны на вякі!
9 А Ты, ГОСПАДЗЕ, узвышаны навекі!
10 Бо вось ворагі Твае, ГОСПАДЗЕ, бо вось ворагі Твае загінуць, і будуць расьцярушаныя ўсе ліхадзеі.
11 І Ты ўзнясеш мой рог, як у аднарога, я буду памазаны сьвежым алеем.
12 Будуць глядзець вочы мае на ворагаў маіх, і пра злачынцаў, якія паўсталі супраць мяне, пачуюць вушы мае.
13 Праведнік быццам пальма зелянее, ён расьце, як той кедр на Лібане.
14 Насаджаныя ў доме ГОСПАДА, зелянеюць на панадворках Бога нашага.
15 Яны плод свой даюць і ў старасьці, яны сакавітыя і сьвежыя,
16 каб абвяшчаць, што ГОСПАД справядлівы, скала мая, і няма ў Ім беззаконьня.