Пс 26
1 Давіда. Судзі мяне, ГОСПАДЗЕ, бо хадзіў я ў беззаганнасьці маёй і на ГОСПАДА спадзяваўся, не хістаючыся.
2 Выпрабуй мяне, ГОСПАДЗЕ, і дасьведчы; ачысьці ныркі мае і сэрца маё!
3 Бо міласэрнасьць Твая перад вачыма маімі, і я хаджу ў праўдзе Тваёй.
4 Я не сядзеў з людзьмі марнымі, і з крывадушнымі ня буду ўваходзіць.
5 Я ненавідзеў сходы злачынцаў, і з бязбожнікамі ня буду сядзець [разам].
6 Я абмыю ў нявіннасьці рукі мае і абыйду вакол ахвярніку Твайго, ГОСПАДЗЕ,
7 каб голасна дзякаваць Табе і абвяшчаць ўсе цуды Твае.
8 ГОСПАДЗЕ, я ўлюбіў сядзібу дому Твайго і месца сялібы славы Тваёй.
9 Не забяры душы маёй з грэшнікамі, ані жыцьця майго з людзьмі крывавымі,
10 у руках якіх брыдота, правіца якіх напоўнена хабарамі.
11 А я буду хадзіць у беззаганнасьці маёй. Выбаў Ты мяне і зьлітуйся нада мною!
12 Нага мая на роўным [месцы] стаіць; у зграмаджэньнях я буду дабраслаўляць ГОСПАДА.