Лк 2
 1  І сталася, у тыя дні выйшла ад цэзара Аўгуста пастанова зрабіць перапіс па ўсім сусьвеце. 
 2  Гэты перапіс быў першы за панаваньня Квірынія ў Сырыі. 
 3  І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. 
 4  Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з гораду Назарэт, у Юдэю, у горад Давіда, называны Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, 
 5  запісацца з Марыяю, заручанай з ім жонкай, якая была цяжарная. 
 6  І сталася, калі яны былі там, надыйшоў дзень нарадзіць ёй; 
 7  і нарадзіла Сына свайго Першароднага, і спавіла Яго, і палажыла яго ў ясьлі, бо не было ім месца ў сьвятліцы. 
 8  І былі пастухі ў той ваколіцы, якія начавалі ў полі і вартавалі ўначы ля статку свайго. 
 9  І вось, стаў перад імі анёл Госпадаў, і слава Госпадава асьвяціла іх; і спалохаліся страхам вялікім. 
 10  І сказаў ім анёл: «Ня бойцеся! Бо вось, я дабравешчу вам вялікую радасьць, якая будзе ўсяму народу, 
 11  бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Госпад. 
 12  І вось вам знак: вы знойдзеце Немаўлятка ў пялюшках, Якое ляжыць у ясьлях». 
 13  І неспадзявана зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, якое славіла Бога і казала: 
 14  «Слава на вышынях Богу, а на зямлі супакой, у людзях упадабаньне». 
 15  І сталася, калі адыйшлі ад іх анёлы ў неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Хадзем у Бэтлеем і ўбачым, ці сталася тое слова, якое абвясьціў нам Госпад». 
 16  І пайшлі пасьпешна, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Немаўлятка, Якое ляжала ў ясьлях. 
 17  І, убачыўшы, расказалі пра словы, якія былі сказаныя ім пра Дзіцятка Гэтае. 
 18  І ўсе, якія чулі, зьдзіўляліся з таго, што расказвалі ім пастухі. 
 19  А Марыя захавала ўсе словы гэтыя, складаючы [іх] у сэрцы сваім. 
 20  І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана. 
 21  І калі прайшло восем дзён, трэба было абрэзаць Хлопчыка, і далі Яму імя Ісус, названае анёлам перш, чым быў Ён зачаты ва ўлоньні. 
 22  І калі скончыліся дні ачышчэньня іх паводле закону Майсея, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб прадставіць перад Госпадам, 
 23  як напісана ў законе Госпадавым: «Усякі хлопчык, які адкрывае ўлоньне, будзе названы сьвятым Госпадавым», 
 24  і каб прынесьці ў ахвяру паводле таго, як сказана ў законе Госпадавым: пару туркавак ці двух галубянятак. 
 25  І вось, быў у Ерусаліме чалавек на імя Сымон. І быў ён чалавек праведны і пабожны, які чакаў пацяшэньня Ізраіля, і Дух Сьвяты быў на ім. 
 26  І было яму сказана ад Духа Сьвятога, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Госпадавага. 
 27  І прыйшоў ён у Духу ў сьвятыню. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім абрад паводле закону, 
 28  ён узяў Яго на рукі свае, і дабраславіў Бога, і сказаў: 
 29  «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Уладару, паводле слова Твайго, у супакоі, 
 30  бо бачылі вочы мае збаўленьне Тваё, 
 31  якое прыгатаваў Ты перад абліччам усіх народаў, 
 32  сьвятло для асьветы паганаў, і славу народу Твайго — Ізраіля». 
 33  А Язэп і маці Ягоная зьдзіўляліся сказанаму пра Яго. 
 34  І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, маці Ягонай: «Вось, ляжыць Гэты на падзеньне і паўстаньне многіх у Ізраілю, і на знак, якому працівіцца будуць. 
 35  І табе самой меч пранікне ў душу, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў». 
 36  І была Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з калена Асэра. Яна была ў вельмі старым веку, з мужам ад дзявоцтва свайго пражыла сем гадоў. 
 37  І была яна ўдава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад сьвятыні, постам і просьбаю служачы [Богу] дзень і ноч. 
 38  І яна, у тую гадзіну прыйшоўшы, узносіла хвалу Госпаду і гаварыла пра Яго ўсім, якія чакалі выбаўленьня ў Ерусаліме. 
 39  І калі яны выканалі ўсё паводле закону Госпадава, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт. 
 40  А Дзіцятка ўзрастала і ўмацоўвалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і ласка Божая была на Ім. 
 41  І кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі. 
 42  І калі Ён меў дванаццаць год, прыйшлі яны, як звычайна, у Ерусалім на сьвята. 
 43  І калі скончыліся тыя дні і яны варочаліся, застаўся Хлопец Ісус у Ерусаліме, і не заўважылі гэтага Язэп і маці Ягоная, 
 44  але думалі, што Ён ідзе з другімі падарожнікамі. Прайшоўшы дзённую дарогу, сталі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі. 
 45  І, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго. 
 46  І сталася, праз тры дні знайшлі Яго ў сьвятыні, як сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх. 
 47  І ўсе, якія слухалі Яго, дзівіліся з розуму і адказаў Ягоных. 
 48  І, убачыўшы Яго, зьдзівіліся, і маці Ягоная сказала Яму: «Дзіця! Што Ты зрабіў нам гэтак? Вось, бацька Твой і я з вялікай мукаю шукалі Цябе». 
 49  І Ён сказаў ім: «Навошта вы шукалі Мяне? Ці ж вы ня ведаеце, што Я мушу быць у тым, што [належыць] Айцу Майму?» 
 50  І яны не зразумелі слова, якое Ён сказаў ім. 
 51  І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы сваім. 
 52  І Ісус узрастаў у мудрасьці, і ва ўзросьце, і ў ласцы ў Бога і людзей.