Бц 16
1 А Сарай, жонка Абрама, не нараджала яму. І мела яна нявольніцу Эгіпцянку, а імя ейнае — Агар.
2 І сказала Сарай Абраму: “Вось жа, замкнуў ГОСПАД мяне, каб я не нараджала. Дык увайдзі да нявольніцы маёй, можа ад яе атрымаю [дзіця]”. І паслухаў Абрам голасу Сарай.
3 І ўзяла Сарай, жонка Абрама, Агар Эгіпцянку, нявольніцу сваю, калі мінула дзесяць гадоў жыцьця Абрама ў зямлі Ханаан, і дала яе Абраму, мужу свайму, за жонку.
4 І ён увайшоў да Агары, і яна зачала, і ўбачыла, што зачала, і стала пагарджаць гаспадыняй сваёй у вачах сваіх.
5 І сказала Сарай Абраму: “Крыўда мая праз цябе! Я дала табе нявольніцу маю на ўлоньне тваё, і яна ўбачыла, што зачала, і стала пагарджаць мною ў вачах сваіх. Няхай ГОСПАД судзіць паміж мной і табой”.
6 І сказаў Абрам Сарай: “Вось, нявольніца твая ў руцэ тваёй, рабі з ёй, што добра ў вачах тваіх”. І Сарай стала ўціскаць яе, і яна ўцякла ад аблічча яе.
7 І знайшоў яе анёл ГОСПАДАЎ каля крыніцы вады ў пустыні, каля крыніцы пры дарозе на Шур,
8 і сказаў: “Агар, нявольніца Сарай, адкуль ты прыйшла і куды ідзеш?” Яна адказала: “Ад аблічча Сарай, гаспадыні маёй, я ўцякаю”.
9 І сказаў ёй Анёл ГОСПАДАЎ: “Вярніся да гаспадыні сваёй і скарыся пад руку яе”.
10 І сказаў ёй Анёл ГОСПАДАЎ: “Памнажаючы, памножу насеньне тваё, нельга будзе палічыць яго з прычыны мноства”.
11 І сказаў ёй Анёл ГОСПАДАЎ: “Вось, ты зачала і народзіш сына, і назавеш імя яго Ізмаэль, таму што ГОСПАД пачуў пра уціск твой.
12 І будзе ён чалавекам, [падобным да] дзікага асла, рука ягоная супраць усіх, і рукі ўсіх — супраць яго; і будзе ён жыць перад абліччам усіх братоў сваіх”.
13 І назвала яна імя ГОСПАДА, Які прамаўляў да яе: “Ты — Бог, Які бачыць мяне”. Бо сказала яна: “Ці ня тут я бачыла Таго, Які бачыць мяне”.
14 Дзеля таго калодзеж гэты назвалі Бээр-Ляхай-Рой. Вось, ён паміж Кадэшам і Барэдам.
15 І нарадзіла Агар Абраму сына. І назваў Абрам імя сына свайго, якога нарадзіла яму Агар, Ізмаэль.
16 І Абрам меў восемдзесят шэсьць гадоў, калі Агар нарадзіла Ізмаэля Абраму.