Мц 13
1 У той самы дзень, выйшаўшы з дому, Ісус сеў ля мора.
2 І сабраліся да Яго шматлікія натоўпы, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь натоўп стаяў на беразе.
3 І гаварыў ім шмат у прыповесьцях, кажучы: «Вось, выйшаў сейбіт сеяць.
4 І калі сеяў, адны [зярняты] ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх.
5 Іншыя ж упалі на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі; і адразу ўзыйшлі, бо зямля была неглыбокая,
6 а калі ўзыйшло сонца, зьвялі і, як ня мелі кораня, высахлі.
7 Іншыя ж упалі ў церні, і вырасьлі церні, і заглушылі іх.
8 А іншыя ўпалі ў добрую зямлю і далі плод: адно — сто, адно — шэсьцьдзесят, а адно — трыццаць.
9 Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
10 І, падыйшоўшы, вучні сказалі Яму: «Дзеля чаго гаворыш ім у прыповесьцях?»
11 А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Бо вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім ня дадзена.
12 Бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае.
13 Дзеля таго гавару ім у прыповесьцях, што яны, гледзячы, ня бачаць і, слухаючы, ня чуюць, і не разумеюць.
14 І спаўняецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: “Слыхам пачуеце, і не зразумееце, і, гледзячы, глядзець будзеце, і ня ўбачыце.
15 Бо атлусьцела сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасьцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачылі вачыма, і не пачулі вушамі, і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх” .
16 Вашыя ж шчасьлівыя вочы, што бачаць, і вушы вашыя, што чуюць.
17 Бо сапраўды кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі ўбачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і пачуць, што вы чуеце, і ня чулі.
18 А вы паслухайце прыповесьць пра сейбіта.
19 Да ўсякага, хто чуе слова пра Валадарства і не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы ягоным; гэта тое, што пасеянае пры дарозе.
20 А пасеянае на камяністае месца — гэта той, хто чуе слова і адразу з радасьцю прыймае яго,
21 але ня мае ў сабе кораня і нетрывалы: калі надыходзіць прыгнёт ці перасьлед дзеля слова, адразу горшыцца.
22 А пасеянае ў цярніне — гэта той, хто чуе слова, але клопаты веку гэтага і падман багацьця заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным.
23 А пасеянае ў добрую зямлю — гэта той, хто чуе слова і разумее, які дае плод, і дае адзін сто, а іншы — шэсьцьдзесят, а іншы — трыццаць».
24 Іншую прыповесьць даў Ён ім, кажучы: «Падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім.
25 Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны, і пасеяў між пшаніцаю кукаль, і пайшоў.
26 Калі ж узыйшла рунь і дала плод, тады паказаўся і кукаль.
27 Прыйшоўшы ж, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? Адкуль тады кукаль?”
28 Ён жа сказаў ім: “Вораг чалавек зрабіў гэтае”. А слугі сказалі яму: “Дык хочаш, мы пойдзем зьбярэм яго?”
29 А ён мовіў: “Не, каб, зьбіраючы кукаль, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы.
30 Пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жняцам: 'Зьбярыце спачатку кукаль і зьвяжыце яго ў снапы, каб спаліць іх, а пшаніцу зьбярыце ў сьвіран мой'”».
31 Іншую прыповесьць даў Ён ім, кажучы: «Падобнае Валадарства Нябеснае да зярняці гарчычнага, якое чалавек, узяўшы, пасеяў на полі сваім.
32 Яно меншае за ўсякае насеньне, а калі вырасьце — большае за ўсе расьліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і хаваюцца ў галінах яго».
33 Іншую прыповесьць сказаў Ён ім: «Падобнае Валадарства Нябеснае да рашчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меры мукі, пакуль ня ўкісла ўсё».
34 Усё гэтае Ісус гаварыў да натоўпаў у прыповесьцях і без прыповесьці не гаварыў ім,
35 каб споўнілася сказанае праз прарока, які кажа: «Адчыню ў прыповесьцях вусны Мае; выкажу схаванае ад стварэньня сьвету».
36 Тады Ісус, пакінуўшы натоўпы, увайшоў у дом, і падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Растлумач нам прыповесьць пра кукаль на полі».
37 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Сейбіт добрага насеньня — гэта Сын Чалавечы.
38 Поле — гэта сьвет, добрае насеньне — гэта сыны Валадарства, а кукаль — сыны злога;
39 вораг, які пасеяў іх, — гэта д’ябал, жніво — сканчэньне веку, а жняцы — анёлы.
40 Бо як зьбіраюць кукаль і агнём паляць, так будзе пры сканчэньні веку гэтага:
41 пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Валадарства Ягонага ўсе згаршэньні і ўсіх, хто чыніць беззаконьне.
42 І ўкінуць іх у печ вогненную, там будзе плач і скрыгат зубоў.
43 Тады праведнікі зазьяюць, як сонца, у Валадарстве Айца іхняга. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.
44 Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да скарбу, схаванага ў полі, які, знайшоўшы, чалавек схаваў, і ў радасьці сваёй ідзе, і прадае ўсё, што мае, і купляе тое поле.
45 Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека купца, які шукае добрых пэрлінаў,
46 які, знайшоўшы адну каштоўную пэрліну, пайшоў, прадаў усё, што меў, і купіў яе.
47 Яшчэ падобнае Валадарства Нябеснае да нерату, які закінуты ў мора і сабраў усякага роду рыбы.
48 Калі ён напоўніўся, выцягнуўшы яго на бераг і сеўшы, добрую сабралі ў пасудзіны, а благую выкінулі вонкі.
49 Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы, і аддзеляць злых спасярод праведных,
50 і ўкінуць іх у печ вогненную, там будзе плач і скрыгат зубоў».
51 Кажа ім Ісус: «Ці зразумелі вы ўсё гэтае?» Яны кажуць Яму: «Так, Госпадзе!»
52 Ён жа сказаў ім: «Дзеля гэтага ўсякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара дому, які выносіць са скарбу свайго новае і старое».
53 І сталася, калі скончыў Ісус прыповесьці гэтыя, Ён выйшаў адтуль.
54 І, прыйшоўшы ў бацькаўшчыну Сваю, навучаў іх у сынагозе іхняй, так што яны дзівіліся і гаварылі: «Адкуль у Яго гэткая мудрасьць і моц?
55 Ці ж ня цесьляў Ён сын? Ці не Ягоная маці завецца Марыя, і браты Ягоныя — Якуб, і Ёсія, і Сымон, і Юда?
56 І сёстры Ягоныя ці ж ня ўсе сярод нас? Адкуль жа ў Яго ўсё гэтае?»
57 І горшыліся дзеля Яго. А Ісус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім».
58 І не ўчыніў там шмат цудаў дзеля недаверства іхняга.