Іс 33
1 Гора табе, спакушальніку, якога не спакушалі, і рабаўніку, якога не рабавалі! Калі скончыш спусташаць, будзеш спустошаны й ты; калі спыніш рабаваць, зрабуюць і цябе.
2 Госпадзе, памілуй нас, на Цябе спадзяёмся мы; будзь нашаю сілаю з раньняга рана і ратункам нашым у час уціску.
3 Ад грознага голасу Твайго пабягуць народы; калі паўстанеш, расьсеюцца плямёны,
4 і будуць зьбіраць здабычу вашую, як зьбірае вусень; кінуцца на яе, як кідаецца саранча.
5 Высокі Гасподзь, Які жыве ў вышынях; Ён напоўніў Сіён судом і праўдаю.
6 І настануць бясьпечныя часіны твае, надмернасьць ратунку, мудрасьці і веданьня; страх Гасподні будзе скарбам тваім.
7 Вось, моцныя іхнія крычаць на вуліцах; пасланцы на згоду горасна плачуць.
8 Апусьцелі дарогі; ня стала падарожнікаў; ён парушыў дагавор, зруйнаваў гарады, - ані ў што ня ставіць людзей.
9 Зямля бядуе, сохне; Ліван пасаромлены, завяў; Сарон падобны стаў на пустыню, і аголены ад лісьця свайго Васан і Карміл.
10 Цяпер Я паўстану, кажа Гасподзь, цяпер падымуся, цяпер узьнясуся.
11 Вы цяжарныя сенам, разродзіцеся саломаю; дыханьне ваша - агонь, які зжарэ вас.
12 І будуць народы, як палкая вапна, як сьсечаны ядловец, будуць спаленыя ў агні.
13 Слухайце, далёкія, што зраблю Я, і вы, блізкія, уведайце магутнасьць Маю.
14 Збаяліся грэшнікі на Сіёне; затрымцелі бязбожнікі: «хто з нас можа жыць пры агні пажыральным? хто з нас можа жыць пры вечным полымі?»
15 Той, хто ходзіць у праўдзе і кажа ісьціну; хто пагарджае карысьлівасьцю ад уціску, стрымлівае рукі свае ад хабару, затыкае вушы свае, каб ня чуць пра кравапусты, і заплюшчвае вочы свае, каб ня бачыць ліха;
16 той будзе жыць на вышынях: прытулак яго - няпрыступныя скалы; хлеб яму дадзены будзе; вада ў яго ня высахне.
17 Вочы твае ўбачаць Цара ў красе Ягонай, угледзяць зямлю далёкую;
18 сэрца тваё будзе толькі згадваць пра жахі: «дзе той, што рабіў перапіс? дзе той, што важыў даніну? дзе той, што аглядае вежы»?
19 Ня ўбачыш больш народу лютага, народу з глухою, неўразумелаю гаворкаю, з моваю дзіўнаю, не зразумелаю.
20 Зірні на Сіён, горад сьвяточных сходаў нашых; вочы твае ўбачаць Ерусалім, селішча мірнае, непахісную скінію; слупы яе ніколі ня вырвуцца, і ніводная вяроўка яе не парвецца.
21 Таму ў вас вялікі Гасподзь будзе замест рэк, замест шырокіх каналаў; туды ня ўвойдзе ніводнае вясельнае судна, і ня пройдзе вялікі карабель.
22 Бо Гасподзь - судзьдзя наш: Гасподзь - заканадавец наш, Гасподзь - цар наш. Ён уратуе нас.
23 Аслаблі вяроўкі твае, ня могуць утрымаць мачты і напяць ветразі. Тады будзе вялікі падзел здабычы, так што і кульгавыя пойдуць на рабунак.
24 І ніводзін жыхар ня скажа: «я хворы»; народу, які там жыве, будуць дараваны грахі.