Пс 145
 1 Агея і Захарыі. 
Алілуя. Хвалі душа мая Госпада. 
 2 Буду славіць Госпада, пакуль жыву; пецьму Богу майму, пакуль існую. 
 3 Не кладзеце надзеяў на князёў, на сына людзкога, у якім ратунку няма. 
 4 Выходзіць дух ягоны, і ён вяртаецца ў зямлю сваю; у той дзень зьнікаюць усе намеры ягоныя. 
 5 Шчасны, каму памочнік Бог Якаваў, у каго надзея на Госпада Бога ягонага, 
 6 Які стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, Які вечна захоўвае вернасьць, 
 7 творыць суд пакрыўджаным, дае хлеб галодным. Гасподзь вызваляе вязьняў; 
 8 Гасподзь размыкае вочы сьляпым, Гасподзь сагнутых выпроствае; Гасподзь любіць праведных. 
 9 Гасподзь ахоўвае прыхадняў, падтрымлівае сірату і ўдаву; а шлях бязбожных - скрыўляе. 
 10 Гасподзь будзе валадарыць вечна, Бог твой, Сіёне, з роду ў род. Алілуя.