Пс 104
 1 Слаўце Госпада; заклікайце імя Ягонае; абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя. 
 2 Сьпявайце Яму і грайце Яму; раскажэце пра ўсе цуды Ягоныя. 
 3 Хвалецеся імем Ягоным сьвятым; хай цешыцца сэрца ў тых, хто шукае Госпада. 
 4 Шукайце Госпада і сілы Ягонай, шукайце аблічча Ягонага заўсёды. 
 5 Згадвайце цуды Ягоныя, якія ўчыніў, азнакі Ягоныя і суд вуснаў Ягоных, 
 6 вы, семя Абрагамавае, рабы Ягоныя, сыны Якава, выбранцы Ягоныя. 
 7 Ён Гасподзь Бог наш; па ўсёй зямлі суды Ягоныя. 
 8 Вечна Ён памятае Свой запавет, слова, якое запавядаў тысячам родаў, 
 9 якое запавядаў Абрагаму, і клятву сваю Ісааку, 
 10 і паставіў тое Якаву законам, і Ізраілю запаветам вечным, 
 11 кажучы: табе дам зямлю Ханаанскую як часьціну спадчыны вашай. 
 12 Калі іх было яшчэ лікам мала, вельмі мала, і былі яны прыхадні ў ёй, 
 13 і пераходзілі ад народу да народу, з царства да іншага племя, 
 14 нікому не дазваляў крыўдзіць іх, і за іх цароў дакараў: 
 15 «не дакранайцеся да памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабеце зла». 
 16 І наклікаў голад на зямлю; кожнае хлебнае сьцябло паламаў. 
 17 Паслаў перад імі чалавека: у рабы быў прададзены Язэп. 
 18 Скавалі аковамі ногі яму, у жалеза ўвайшла душа ягоная, 
 19 пакуль спраўдзілася слова Ягонае: слова Гасподняе выпрабавала яго. 
 20 Паслаў цар, і разьвязалі яго; уладар народаў, і вызваліў яго. 
 21 Паставіў яго гаспадаром над домам сваім і ўпраўцам над усім валоданьнем сваім, 
 22 каб ён настаўляў валадароў ягоных паводле сваёй душы і старэйшын ягоных вучыў мудрасьці. 
 23 Тады прыйшоў Ізраіль у Егіпет, і перасяліўся Якаў у зямлю Хамаву, 
 24 і вельмі размножыў Бог народ Свой, і зрабіў яго мацнейшым за ворагаў ягоных. 
 25 Абудзіў у сэрцы іхнім нянавісьць супроць народу Ягонага і хітрасьць супроць рабоў Ягоных. 
 26 Паслаў Майсея, раба Свайго, Аарона, якога абраў. 
 27 Яны паказалі сярод іх слова азнакаў Ягоных і дзівосы Ягоныя ў зямлі Хамавай. 
 28 Паслаў цемру, і зрабіў морак, і не зрабілі супору слову Ягонаму. 
 29 Ператварыў іхнюю ваду ў кроў, і замарыў рыбу іхнюю. 
 30 Зямля іхняя ўрадзіла шмат жаб нават у спальні цароў іхніх. 
 31 Ён сказаў, і прыйшлі розныя насякомыя, воды ва ўсе іхнія межы. 
 32 Замест дажджу паслаў на іх град, вагонь пякучы на зямлю іхнюю. 
 33 І пабіў вінаград іхні і смакоўніцы іхнія, і паваліў дрэвы ў межах іхніх. 
 34 Сказаў, і прыйшла саранча, і безьліч вусеняў; 
 35 і паелі ўсю траву на зямлі іхняй, і паелі плады на палях іхніх. 
 36 І забіў кожнага першынца ў зямлі іхняй, пачаткі ўсёй сілы іхняй. 
 37 І вывеў іх з срэбрам і золатам, і ня было ў іхніх плямёнах хворага. 
 38 Узрадаваўся Егіпет выхаду іхняму; бо страх ад іх напаў на яго. 
 39 Прасьцёр ім хмару як заслону і вагонь, каб сьвяціў ім ноччу. 
 40 Прасілі, і Ён паслаў перапёлак, і хлебам нябесным карміў іх. 
 41 Раскалоў камень, і пацяклі воды, пацяклі ракою па мясьцінах сухіх, 
 42 бо ўзгадаў Ён сьвятое слова Сваё да Абрагама, раба Свайго, 
 43 і вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх у весялосьці: 
 44 і даў ім землі народаў, і перанялі яны працу людзкую, 
 45 каб трымаліся пастановаў Ягоных і законы Ягоныя захоўвалі. Алілуя!