Пс 101
 1 Малітва спрагненага, калі ён смуткуе і вылівае прад Госпадам скруху сваю. 
 2 Госпадзе! пачуй малітву маю, і енк мой хай дойдзе да Цябе. 
 3 Не хавай аблічча Твайго ад мяне; у дзень смутку майго прыхілі да мяне вуха Тваё; у дзень, калі паклічу Цябе, адразу пачуй мяне. 
 4 Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае абпаленыя, як галавешка; 
 5 сэрца маё ўражанае, і высахла, як трава, аж я забываюся есьці мой хлеб; 
 6 ад голасу стогну майго косткі мае прысталі да плоці маёй. 
 7 Я стаў падобны да пелікана ў пустыні; я зрабіўся як сыч у руінах; 
 8 ня сплю і сяджу, як адзінокая птушка на даху. 
 9 Кожны дзень клянуць мяне ворагі мае, і неабольнікі мае ганяць мяне. 
 10 Я попел ем замест хлеба, і пітво маё разбаўляю сьлязьмі, 
 11 ад гневу Твайго і абурэньня Твайго; бо Ты ўзвысіў мяне і скінуў мяне. 
 12 Дні мае быццам цень, які ўхіляецца; і я высах, быццам трава. 
 13 Ты ж, Госпадзе, вечна жывеш, і памяць пра Цябе з роду ў род. 
 14 Ты паўстанеш, умілажалішся з Сіёна? бо час літаваць яго, бо прысьпеў час; 
 15 бо рабы Твае палюбілі і каменьне ягонае, і попел ягоны шкадуюць. 
 16 І збаяцца народы імя Гасподняга, і ўсе цары зямныя - славы Тваёй. 
 17 Бо збудуе Гасподзь Сіён, і зьявіцца ў славе Сваёй; 
 18 паглядзіць на малітву бездапаможных, і не пагардзіць малітваю іхняй. 
 19 Пра гэта напісана будзе роду наступнаму, і пакаленьне наступнае ўславіць Госпада, 
 20 бо Ён прынік са святой гары Сваёй; зь нябёсаў глянуў Гасподзь на зямлю, 
 21 каб пачуць стогны вязьняў, раскаваць сыноў сьмерці, 
 22 каб абвяшчалі на Сіёне імя Гасподняе, і славу Яму - у Ерусаліме, 
 23 калі зьбяруцца народы разам і царствы служыць Госпаду. 
 24 Стаміў Ён на шляху сілу маю, скараціў дні мае. 
 25 Я сказаў: Божа мой! не забяры мяне на палавіне дзён маіх. Твае гады ў роды родаў. 
 26 На пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы - дзея рук Тваіх; 
 27 яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як рыза, спарахнеюць, і, як адзеньне, Ты пераменіш іх, - і зьменяцца; 
 28 але Ты - той самы, і гады Твае ня скончацца. 
 29 Сыны рабоў Тваіх будуць жыць, і семя іхняе ўмацуецца прад абліччам Тваім.