Пс 37
 1 Псальма Давідава. На ўспамін пра суботу. 
 2 Госпадзе! ня выкрывай мяне ў гневе Тваім, і не карай мяне ў гневе Тваім, 
 3 бо стрэлы Твае ўпіліся ў мяне і рука Твая мяне ацяжае. 
 4 Няма цэлага месца на целе маім ад гневу Твайго; няма спакою ў костках маіх ад грахоў маіх, 
 5 бо злачынствы мае вышэй галавы, як вялікі цяжар, зьнясілілі мяне, 
 6 сьмярдзяць, гнаяцца раны мае ад безгалоўя майго. 
 7 Я сагнуты і панураны ўвесь, цэлы дзень бядуючы хаджу; 
 8 бо сьцёгны мае паліць вагонь, і няма цэлага месца ў целе маім. 
 9 Я змогся і зьнясіліўся цяжка; крычу ад пакуты сэрца майго. 
 10 Госпадзе! прад Табою ўсе жаданьні мае, і ўздыханьне маё ад Цябе не схаванае. 
 11 Сэрца маё трымціць; пакінула мяне сіла мая, і сьвятло вачэй маіх - і таго няма ў мяне. 
 12 Сябры мае і прыяцелі адступіліся ад няшчасьця майго, і блізкія мае далёка стаяць. 
 13 Цянёты паставілі тыя, хто пільнуе душу маю, і хто прагне мне ліха, пра пагібель маю гавораць, і намышляюць штодзень мне благое; 
 14 а я, як глухі, ня чую, і як нямко, што вуснаў сваіх не растуляе; 
 15 і стаў я, як чалавек, што ня чуе і ня мае ў вуснах сваіх адказу, 
 16 бо на Цябе, Госпадзе, спадзяюся я; Ты пачуеш, Госпадзе, Божа мой. 
 17 І сказаў я: няхай не падымуцца нада мною мае ворагі; калі дрыжыць нага мая, хай ня ўзносяцца яны нада мною. 
 18 Я да ўпадку гатовы, і скруха мая заўжды перада мною. 
 19 Беззаконьне сваё я ўсьведамляю; і ўбольваюся ў грэху маім. 
 20 А мае ворагі жывуць і мацуюцца, і памнажаюцца тыя, што ненавідзяць мяне, невінаватага; 
 21 і тыя, што плацяць мне злом за дабро, ваююць супроць мяне, бо я за добрым іду. 
 22 Не пакінь мяне, Госпадзе Божа мой! не адыходзь ад мяне; 
 23 пасьпяшайся на дапамогу мне, Госпадзе, Збаўца мой!