Пс 32
 1 Псальма Давідава. 
Радуйцеся, праведнікі, у Госпадзе: шчырым прыстоіць хваліць! 
 2 Услаўляйце Госпада арфамі, сьпявайце Яму на дзесяціструннай псалтыры; 
 3 новую песьню сьпявайце Яму; зладжана пойце Яму, з ускліцаньнем, 
 4 бо слова Гасподняе - шчырае, і ўсе дзеі Ягоныя правільныя. 
 5 Ён любіць праўду і суд; Гасподняю міласьцю зямля поўніцца. 
 6 Словам Госпада створаны нябёсы, і духам вуснаў Ягоных - усе сілы нябесныя. 
 7 Ён сабраў, быццам груды, марскія воды; бездані склаў у каморах. 
 8 Хай баіцца Госпада ўся зямля; хай трымціць прад Ім усё жывое на сьвеце, 
 9 бо сказаў Ён - і сталася; Ён загадаў - і зьявілася. 
 10 Гасподзь разбурае рады язычнікаў; зьнішчае намыслы народаў. 
 11 А рада Гасподняя вечна стаяцьме; задумы сэрца Ягонага - з роду ў род. 
 12 Дабрашчасны народ, у якога Гасподзь ёсьць Бог, - племя, якое Ён выбраў у спадчыну Сабе. 
 13 Гасподзь паглядае зь нябёсаў, бачыць усіх сыноў чалавечых; 
 14 з трона Свайго Ён пазірае на ўсіх, што жывуць на зямлі: 
 15 Ён стварыў сэрцы ўсіх іх, і ўважае ўсім іхнім дзеям. 
 16 Цар не ўратуецца мноствам войска; не ўбароніць волата вялікая сіла. 
 17 Ненадзейны конь для ратаваньня, ня вызваліць сілай вялікай сваёю. 
 18 Вось, вока Гасподняе над тымі, хто баіцца Яго, і хто спадзяецца на літасьць Ягоную, 
 19 што Ён душу іхнюю ўратуе ад сьмерці і ў час галодны накорміць іх. 
 20 Душа наша мае надзею на Госпада: Ён дапамога наша; 
 21 Ім радуецца сэрца наша, бо на сьвятое імя Ягонае мы спадзяваліся. 
 22 Хай будзе ласка Твая, Госпадзе, з намі, мы так на Цябе надзею ўскладаем.