Пс 24
 1 Псальма Давідава. 
Да Цябе, Госпадзе, узношу душу маю. 
 2 Божа мой! на цябе спадзяюся, хай ня будзе мне сорамна, хай не апануюць мяне мае ворагі. 
 3 Хай ня будзе сораму ўсім, хто на Цябе спадзяецца: хай будзе тым брыдка, хто бяз прычыны беззаконьне ўчыняе. 
 4 Пакажы мне, Госпадзе, дарогі Твае, наставі мяне на сьцежкі Твае. 
 5 Накіруй мяне на праўду Тваю, і навучы мяне, бо Ты Бог ратунку майго; на Цябе спадзяюся кожны дзень. 
 6 Успомні шчадроты Твае, Госпадзе, і міласэрнасьць Тваю, бо спрадвеку яны. 
 7 Грахоў маладосьці маёй і злачынстваў маіх не ўспамінай; з ласкі Тваёй успомні мяне Ты, Госпадзе, дзеля даброці Тваёй! 
 8 Добры і справядлівы Гасподзь; таму настаўляе грэшных на шлях, 
 9 вядзе пакорлівых да праўды, і навучае ціхмяных шляхам Сваім. 
 10 Усе дарогі Гасподнія - міласьць і праўда тым, хто трымаецца запавету Ягонага і адкрыцьця Ягонага. 
 11 Дзеля імя Твайго, Госпадзе, даруй мне мой грэх; бо вялікі ён. 
 12 Хто ёсьць чалавек, што баіцца Госпада? Яму пакажа Ён шлях, які трэба абраць. 
 13 Душа ягоная жыцьме ў дабры, і род ягоны ўспадкуе зямлю. 
 14 Тайна Гасподняя тым, што баяцца Яго, і запавет Свой Ён ім адкрывае. 
 15 Вочы мае заўсёды да Госпада; бо Ён дастае зь сеткі ногі мае. 
 16 Паглядзі на мяне і пашкадуй мяне, бо я адзінокі і прыгнечаны. 
 17 Скруха сэрца майго павялічылася; выведзі мяне зь нягодаў маіх, 
 18 падзівіся на пакуты мае і на зьнямогу маю, і даруй усе грахі мае. 
 19 Падзівіся на ворагаў маіх, як іх многа, і якою нянавісьцю ненавідзяць мяне. 
 20 Аслані душу маю, і ўратуй мяне, хай ня будзе мне сораму, што я на Цябе спадзяюся. 
 21 Беззаганнасьць і слушнасьць хай ахаваюць мяне; бо я на Цябе спадзяюся. 
 22 Вызвалі, Божа, Ізраіля ад усіх смуткаў ягоных.