Лікі 29
 1 І сёмага месяца, у першы дзень месяца, хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце; хай будзе гэта ў вас дзень трубнага гуку; 
 2 і прыносьце цэласпаленьне дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду: адно цяля, аднаго барана, сем ягнят-адналетак, без пахібы, 
 3 і зь імі ў прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на цяля, дзьве дзясятыя долі эфы на барана, 
 4 і адну дзясятую долі эфы на кожнае зь сямі ягнят, 
 5 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, дзеля ачышчэньня вас, 
 6 звыш цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня яго ў дзень маладзіка, і звыш пастаяннага цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня яго і паліваньня іх, паводле ўстанаўленьня, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду. 
 7 І на дзясяты дзень гэтага сёмага месяца хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход: упакорвайце тады душы вашыя і ніякай працы не рабеце; 
 8 і прыносьце цэласпаленьне Госпаду дзеля прыемнай духмянасьці: адно цяля, аднаго барана сем ягнят-адналетак; без пахібы хай будуць яны ў вас; 
 9 і зь імі ў прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на цяля, дзьве дзясятыя долі эфы на барана, 
 10 і па дзясятай долі эфы на кожнае зь сямі ягнят, 
 11 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш ахвяры за грэх, якая прыносіцца ў дзень ачышчэньня, і звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня яго і паліваньня іх. 
 12 І на пятнаццацты дзень сёмага месяца хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце і сьвяткуйце сьвята Гасподняе сем дзён; 
 13 і прыносьце цэласпаленьне, ахвяру, прыемную духмянасьць Госпаду: трынаццаць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак; без пахібы хай будуць яны; 
 14 і зь імі ў прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на кожнае з трынаццаці цялят, дзьве дзясятыя долі эфы на кожнага з двух бараноў, 
 15 і па дзясятай долі эфы на кожнае з чатырнаццаці ягнят, 
 16 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня яго і паліваньня яго. 
 17 І на другі дзень дванаццаць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы, 
 18 і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня, 
 19 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня іх. 
 20 І на трэці дзень адзінаццаць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят адналеткаў, без пахібы, 
 21 і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня, 
 22 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага хлебнага прынашэньня і паліваньня яго. 
 23 І на чацьвёрты дзень дзесяць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы, 
 24 і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня, 
 25 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго. 
 26 І на пяты дзень дзевяць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы, 
 27 і зь імі прынашэньбне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня, 
 28 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго. 
 29 І на шосты дзень восем цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы, 
 30 і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня, 
 31 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго. 
 32 І на сёмы дзень сем цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы, 
 33 і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня, 
 34 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго. 
 35 На восьмы дзень хай будзе ў вас адданьне сьвята; ніякай працы не рабеце; 
 36 і прыносьце цэласпаленьне, ахвяру, прыемную духмянасьць Госпаду: адно цяля, аднаго барана, сем ягнят-адналетак, без пахібы, 
 37 і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цяляці, барана і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня, 
 38 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго. 
 39 Прыносьце гэта Госпаду ў сьвяты вашыя, звыш таго, што вы прыносіце, паводле абяцаньня і па рупнасьці, цэласпаленьняў вашых і хлебных прынашэньняў вашых і паліваньняў вашых і мірных ахвяраў вашых.