Лк 4
1 Ісус, поўны Духа Сьвятога, вярнуўся ад Ярдана і паведзены быў Духам у пустыню;
2 там сорак дзён Ён быў спакушаны д'яблам і нічога ня еў у гэтыя дні; а як прайшлі яны, напасьледак захацеў есьці.
3 І сказаў Яму д'ябал: калі Ты Сын Божы, дык загадай гэтаму каменю зрабіцца хлебам.
4 Ісус сказаў яму ў адказ: напісана, што «ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам Божым».
5 І ўзьвёўшы Яго на высокую гару, д'ябал паказаў Яму ўсе царствы сусьвету ў імгненьне часу,
6 і сказаў Яму д'ябал: табе дам уладу над ўсімі гэтымі царствамі і славу іх, бо яна аддадзена мне, і я, каму хачу, даю яе;
7 і вось, калі Ты паклонішся мне, дык усё будзе Тваё.
8 Ісус сказаў яму ў адказ: адыйдзі ад Мяне, сатана; напісана: «Госпаду Богу пакланяйся і Яму аднаму служы».
9 І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў Яго на крыле храма, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз;
10 бо напісана: «анёлам Сваім накажа пра Цябе захаваць Цябе»;
11 і: «на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю».
12 Ісус сказаў яму ў адказ: сказана: «не спакушай Госпада Бога Твайго».
13 І закончыўшы ўсё спакушэньне, д'ябал адышоў ад Яго да часу.
14 І вярнуўся Ісус у сіле духу ў Галілею; і разьнесьліся чуткі пра Яго па ўсёй навакольнай краіне.
15 Ён вучыў у сынагогах іхніх, і ўсе Яго ўслаўлялі.
16 І прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў, па звычаі Сваім, у дзень суботні ў сынагогу, і ўстаў чытаць.
17 Яму падалі кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана:
18 «Дух Гасподні на Мне; бо Ён памазаў Мяне зьвеставаць убогім і паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне, сьляпым празарэньне, адпусьціць спакутаваных на свабоду,
19 абвяшчаць год Гасподняга спрыяньня».
20 І загарнуўшы кнігу і аддаўшы слузе, сеў; і вочы ўсіх у сынагозе былі скіраваныя на Яго.
21 І Ён пачаў гаварыць да іх: сёньня спраўдзілася пісаньне гэтае, чутае вамі.
22 І ўсе засьведчылі Яму гэта, і дзівавалі са словаў мілаты, якія зыходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: ці не Язэпаў гэта сын?
23 Ён сказаў ім: вядома, вы скажаце Мне прыказку: лекару! ацалі самога сябе; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, было ў Капернауме.
24 І сказаў: праўду кажу вам: ніякі прарок ня прымаецца ў сваёй бацькаўшчыне;
25 па праўдзе кажу вам: шмат удоваў было ў Ізраілі ў дні Ільлі, калі замкнута было неба тры гады і шэсьць месяцаў, так што зрабіўся вялікі голад па ўсёй зямлі;
26 і да ніводнай зь іх ня быў пасланы Ільля, а толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую;
27 шмат таксама было пракажоных у Ізраілі за прарока Ялісея, і ніводзін зь іх не ачысьціўся, апрача Нэемана Сірыяніна.
28 Пачуўшы гэта, усе ў сынагозе напоўніліся гневам;
29 і ўстаўшы, выгналі Яго прэч з горада і павялі на вяршыню гары, на якой горад іхні быў пабудаваны, каб скінуць Яго;
30 але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў.
31 І прыйшоў у Капернаум, горад Галілейскі, і вучыў іх у дні суботнія.
32 І зьдзіўляліся з вучэньня Ягонага, бо слова Ягонае было з уладаю.
33 Быў у сынагозе чалавек, які меў у сабе духа дэмана нячыстага, і той закрычаў зычным голасам:
34 кінь; што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас; ведаю Цябе, Хто Ты, - Сьвяты Божы.
35 Ісус загразіў яму, сказаўшы: замоўкні і выйдзі зь яго. І дэман, паваліўшы таго пасярэдзіне сынагогі, выйшаў зь яго, ані не пашкодзіўшы яму.
36 І напала на ўсіх жудасьць, і разважалі паміж сабою; што гэта азначае, што Ён з уладаю і сілаю загадвае нячыстым духам, і яны выходзяць?
37 І разьнеслася чутка пра Яго па ўсіх навакольных мясьцінах.
38 Выйшаўшы з сынагогі, Ён увайшоў у дом Сымонаў; а Сымонава цешча была апанаваная моцнай гарачкаю; і прасілі Яго за яе.
39 Падышоўшы да яе, Ён загразіў гарачцы; і пакінула яе. Яна адразу ўстала і слугавала ім.
40 А як заходзіла сонца, усе, хто меў хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, ускладаючы на кожнага рукі, ацаляў іх.
41 Выходзілі таксама і дэманы з многіх з крыкам і казалі: Ты Хрыстос, Сын Божы. А Ён забараняў ім расказваць, што яны ведаюць, што Ён Хрыстос.
42 А як настаў дзень, Ён выйшаў з дому, пайшоў у пустэльную мясьціну, і людзі шукалі Яго і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі Яго, каб ня сыходзіў ад іх.
43 Але Ён сказаў ім: і іншым гарадам зьвеставаць Я павінен Царства Божае, бо на тое Я пасланы.
44 І прапаведаваў у сынагогах Галілейскіх.