1 Лет 19
1 Пасьля гэтага памёр Наас, цар Аманіцкі, і зацараваў сын яго замест яго.
2 І сказаў Давід: зраблю я міласьць Анону, сыну Наасаваму, за дабрадзейства, якое бацька ягоны зрабіў мне. І паслаў Давід паслоў суцешыць яго ў бацьку ягоным. І прыйшлі слугі Давідавы ў зямлю Аманіцкую, да Анона, каб суцешыць яго.
3 Але князі Аманіцкія сказалі Анону: няўжо ты думаеш, што Давід з павагі да бацькі твайго прыслаў да цябе суцешнікаў? Ці не на тое прыйшлі слугі яго да цябе, каб выведаць і выгледзець зямлю і спустошыць яе?
4 І ўзяў Анон слуг Давідавых і пагаліў іх, і абцяў вопратку іхнюю напалавіну да сьцёгнаў і адпусьціў іх.
5 І пайшлі яны. І данесьлі Давіду пра людзей гэтых, і ён паслаў ім насустрач, бо яны былі вельмі зьняважаныя; і сказаў цар; застаньцеся ў Ерыхоне, пакуль адрастуць борады вашыя, і тады вяртайцеся.
6 Калі Аманіцяне ўбачылі, што яны зрабіліся ненавіснымі Давіду, тады паслаў Анон і Аманіцяне тысячу талантаў срэбра, каб наняць сабе калясьніц і верхаўцоў зь Сірыі Месапатамскай і зь Сірыі Мааха і з Сувы.
7 І нанялі сабе трыццаць дзьве тысячы калясьніц і цара Мааха з народам ягоным, якія прыйшлі і разьмясьціліся табарам перад Мэдэваю. І Аманіцяне сабраліся з гарадоў сваіх і выступілі на вайну.
8 Калі дачуўся пра гэта Давід, дык паслаў Ёава з усім войскам адважных.
9 І выступілі Аманіцяне і сталі на бітву, каля брамы горада, а цары, якія прыйшлі, асобна ў полі.
10 Ёаў, бачачы, што чакае яго бітва сьпераду і ззаду, выбраў воінаў з усіх адборных у Ізраілі і выставіў іх супроць Сірыйцаў.
11 А астатнюю частку народу даручыў Авэсу, брату свайму, каб яны выступілі супроць Аманіцянаў.
12 І сказаў ён: калі Сірыйцы будуць адольваць мяне, дык ты дапаможаш мне, а калі Аманіцяне будуць адольваць цябе, дык я дапамагу табе.
13 Будзь мужны, і будзем цьвёрда стаяць за народ наш і за гарады Бога нашага, - і Гасподзь хай зробіць, што Яму заўгодна.
14 І ўступіў Ёаў і людзі, якія былі ў яго, у бітву зь Сірыйцамі, і яны пабеглі ад яго.
15 А Аманіцяне, убачыўшы, што Сірыйцы бягуць, і самыя пабеглі ад Авэсы, брата ягонага, і сышлі ў горад. І прыйшоў Ёаў у Ерусалім.
16 Сірыйцы, бачачы, што яны разьбіты Ізраільцянамі, адправілі паслоў і вывелі Сірыйцаў, якія былі па той бок ракі, і Савак, ваеначальнік Адраазараў, быў на чале іх.
17 Калі данесьлі пра гэта Давіду, ён сабраў усіх Ізраільцянаў, перайшоў Ярдан і прыйшоў да іх і стаў супроць іх. І ўступіў Давід у бітву зь Сірыйцамі, і яны сьцяліся зь ім.
18 І Сірыйцы пабеглі ад Ізраільцянаў, і зьнішчыў Давід у Сірыйцаў сем тысяч калясьніц, і сорак тысяч пешых і Савака ваеначальніка забіў.
19 Калі ўбачылі слугі Адраазара, што яны пабітыя Ізраільцянамі, заключылі з Давідам мір і падпарадкаваліся яму. І не хацелі Сірыйцы дапамагаць больш Аманіцянам.