1 Кар 3
1 І я ня мог гутарыць з вамі, браты, як з духоўнымі, а як з плоцкімі, як зь немаўляткамі ў Хрысьце.
2 Я ўзгадаваў вас малаком, а ня цьвёрдаю ежаю; бо вы яшчэ не маглі есьці яе, ды і цяпер яшчэ ня можаце.
3 Бо вы яшчэ плоцкія. Бо, калі паміж вамі зайздрасьць, звады і несугалосіца, дык ці ж ня плоцкія вы? і ці ня па людзкім звычаі робіце?
4 Бо, калі адзін кажа: «Я Паўлаў», а другі: «я Апалосаў», дык ці ж ня плоцкія вы?
5 Хто Павал? хто Апалос? Яны толькі слугі, празь якіх вы ўверавалі, і пры тым як каму даў Гасподзь.
6 Я пасадзіў, Апалос паліваў, а ўзрасьціў Бог;
7 а таму і той, хто садзіць, і хто палівае, ёсьць нішто, а ўсё Бог, Які дае рост.
8 І хто садзіць і хто палівае - адно; але кожны атрымае сваю ўзнагароду паводле сваёй працы.
9 Бо мы супрацоўнікі ў Бога; а вы Божая ніва, Божая будова.
10 Я, па дадзенай мне ад Бога мілаце, як мудры будаўнік, заклаў падмурак, а другі будуе на ім: але кожны ўважай, як будуе.
11 Бо ніхто ня можа закласьці іншага падмурка, акрамя закладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос.
12 Ці будуе хто на гэтым падмурку з золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы,
13 дзея кожнага выявіцца: бо дзень пакажа; таму што ў вагні выкрываецца, і вагонь выпрабоўвае дзею кожнага, якая яна ёсьць.
14 У каго дзея, якую ён будаваў, выстаіць, той атрымае ўзнагароду;
15 а ў каго дзея згарыць, той мецьме шкоду; урэшце сам уратуецца, але так, як бы з вагню.
16 Хіба ня ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?
17 Калі хто абкрадзе сьвятыню Божую, таго пакарае Бог, бо сьвятыня Божая сьвятая; і гэтая сьвятыня - вы.
18 Ніхто не ашуквай сам сябе; калі хто з вас думае быць мудрым у веку гэтым, той хай будзе неразумны, каб быць мудрым.
19 Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць неразумнасьць перад Богам, як напісана: «ловіць мудрых у хітрасьці іхняй».
20 І яшчэ: «Гасподзь ведае мудрошчы мудрацоў, што яны марныя».
21 Таму вось, няхай ніхто ня хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае:
22 ці то Павал, ці Апалос, ці Кіфа, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяпершчына, а ці наступнае, - усё ваша;
23 а вы - Хрыстовыя, а Хрыстос - Божы.